ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,

тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус. батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)